БАРЫ́САЎСКАЯ АКРУ́ГА,
адм.-тэр. адзінка ў БССР у 1924—27. Утворана 17.7.1924. Цэнтр г. Барысаў. Пл. 11,8 тыс. км², нас. 370,3 тыс. чал. (1925). Уключала 9 раёнаў (Барысаўскі, Бягомльскі, Бярэзінскі, Зембінскі, Крупскі, Лепельскі, Плешчаніцкі, Халопеніцкі, Чарэйскі), 2 гарады, 7 мястэчак, 107 сельсаветаў. Акруговая газ. «Вясковая праўда». Скасавана 12.4.1927 у сувязі з узбуйненнем акруг у рэспубліцы: большасць раёнаў перададзены ў Мінскую, астатнія ў Полацкую (Лепельскі р-н) і Аршанскую (Чарэйскі р-н) акругі.
т. 2, с. 329
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)